У інтэрнэце зьбіраюць подпісы за адмену канцэрту Віктара Каліны ў Докшыцах

0

«Просім зрабіць захады, каб не дапусьціць правядзеньня канцэрту музычнага выканаўцы Каліны В.В., заплянаванага на 16 лютага 2020 году ў 17.00 у гарадзкім Цэнтры культуры ў горадзе Докшыцы», — гаворыцца ў электронным звароце.

 

Аўтары пэтыцыі апэлююць да арт.81 Кодэксу аб культуры, паводле якога не дапускаецца «культурная дзейнасьць», калі, у прыватнасьці, «яна прапагандуе вайну, экстрэмісцкую дзейнасьць, гвалт i жорсткасьць, сацыяльную, нацыянальную, рэлiгiйную, расавую выключнасьць, нецярпімасьць або варожасьць, парнаграфію, падбухторвае да ўчыненьня злачынстваў» (п.1.4).

Спасылаюцца таксама на артыкул у «Рэгіянальнай газэце», аўтары якога нагадваюць, што Каліна ўдзельнічаў у вайсковых дзеяньнях супраць Украіны ў складзе фармаваньняў так званага «ДНР», часта выступае ў расейскай вайсковай форме з узнагародамі «ДНР» на грудзях.

Складальнікі звароту просяць, каб Докшыцкі райвыканкам адмовіў у выдачы шансанье пасьведчаньня на права арганізацыі і правядзеньня культурна-відовішчнага мерапрыемства ў Докшыцах альбо ануляваў яго, калі такое пасьведчаньне яму было выдадзенае раней.

На 6 лютага пад пэтыцыяй падпісалася больш за 520 чалавек.

У 2019 годзе актывісты выступалі супраць арганізацыі канцэрту Віктара Каліны і ў Віцебску. У афішы канцэртаў Віцебскай абласной філярмоніі, якія адбудуцца ў лютым 2020 году, праграма Каліны адсутнічае.

Зьміцер Міраш

https://vitebskspring.org

Leave A Reply

Your email address will not be published.