Сябры ініцыятывы «Хайсы» вызначыліся з плянамі на будучыню

0

Кіраўнік ініцыятывы «Хайсы — Віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў зазначыў, што дзякуючы намаганьням грамадзкасьці зробленая вялікая праца па стварэньні народнага мэмарыялу «Хайсы», які 3 лістапада 2019 году асьвяціў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На месцах расстрэлаў усталяваныя крыжы і помнікі, ушанаваная памяць канкрэтных асобаў, якія зь вялікай доляй верагоднасьці маглі быць забітыя менавіта ў гэтым «расстрэльным» лесе. Удалося высьветліць дакладныя прозьвішчы двух рэпрэсаваных грамадзянаў. Знойдзены сярод чалавечых парэшткаў грабеньчык з надпісам адкрыў імя Вольгі Данцыт, а ўспаміны мясцовага жыхара Зьмітра Ганчарова вярнуў зь нябыту імя старшыні калгасу Антона Рамашкі.

Ян Дзяржаўцаў паведаміў, што апроч таго вядзецца і вялікая інфармацыйная праца. Пасьля фотавыставы, праведзенай у віцебскім катэдральным касьцёле Езуса Міласэрнага, падобныя мерапрыемствы прайшлі ў Полацку, Глыбокім, Браславе, Мёрах.

Ян Дзяржаўцаў

«Выставы праходзілі зь вялікім посьпехам. Людзі распавядалі пра сваіх родных, рэпрэсаваных за савецкім часам. Казалі, што хочуць прыехаць у Хайсы, каб паглядзець на месцы жудасных расстрэлаў, зьдзейсьненых савецкай уладай, злачынствы якой роўныя злачынствам фашыстаў», — расказаў Дзяржаўцаў.

«А па зьнешнім пэрымэтры стаялі дзядзькі ў чорных паліто…»

На сход прыйшоў і адзін з пачынальнікаў ушанаваньня рэпрэсаваных у Віцебску Якаў Рыжык. Ягоны бацька быў рэпрэсаваны і сасланы на пяць гадоў у Варкуту. Актывіст прыгадаў, як у сярэдзіне 1980-х упершыню даведаўся ад сваёй сваячніцы пра месца масавых забойстваў ля вёскі Паляі. Жанчына была непасрэднай сьведкай расстрэлаў. З дапамогай мясцовых жыхароў удалося высьветліць месцы, дзе забівалі людзей. Першы крыж, да ўсталяваньня якога спрычыніўся Сяргей Цярэнцьеў, быў пастаўлены ў Паляях 5 лістапада 1989 году і асьвечаны сьвятаром Андрэем Несьвятаевым. У імпрэзе бралі ўдзел жыхары вёскі Паляі, школьнікі, старшыня мясцовага сельсавету.

Якаў Рыжык

«А па зьнешнім пэрымэтры стаялі дзядзькі ў чорных паліто, нешта запісвалі, вялі відэаздымку. Так, што ўсё зафіксаванае, і дакумэнты гэтай падзеі для гісторыі недзе ёсьць», — зазначыў Якаў Рыжык.

Сябар ініцыятывы «Хайсы» Міхаіл Шпакоўскі распавёў, што ўспаміны жыхароў пра расстрэлы ў Паляях зьбіралі віцебскія актывісты Сяргей Цярэнцьеў, Юры Сьцяпанаў, Алесь Шпунтоў, Міхась Паўлаў, Ігар Цішкін, Вольга Шпакоўская. Нейкія матэрыялы публікаваліся і ў газэце «Літаратура і мастацтва».

Праз Паляі мог ісьці шлях на Катынь

Актывістка Ірына Аляксандрава нагадала, што крыж у Паляях усталявалі без усялякага дазволу ўладаў.

«І хоць кадэбістаў было багата, нас ніхто не перасьледаваў. Людзі распавядалі, што, калі расстрэльвалі рэпрэсаваных, ля кожнай хаты ў вёсцы ставілі вартаўніка, а пасьля ўсю ноч ішлі машыны. Па сьвежых ямінах у лесе, людзі здагадваліся, што там адбываліся забойствы», — расказвала Аляксандрава.

Ірына Аляксандрава

Аляксандрава мяркуе, што праз Паляі мог ісьці шлях на Катынь. Тых, каго да Катыні не давозілі, маглі забіваць у Паляях. «Таму хачу сконыць такой фразай: «Калі мы ня пойдзем у Паляі, то Паляі прыйдуць па нас», — падагульніла выступоўца.

Што будзе зроблена ў 2020 годзе

Сябры ініцыятывы прыйшлі да высновы, што ў будучым трэба больш увагі ўдзяляць месцам расстрэлаў рэпрэсаваных у Палях і Цёплым лесе. Віцяблянін Канстанцін Смолікаў заўважыў, што ўлада хоць і не перашкаджае ўшаноўваць памяць, але ў той жа час і не прызнае гэтыя месцы мэмарыяламі, месцамі пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Падчас сустрэчы

Сярод заплянаванага — стварэньне ўласнага сайту, штогадовае ўпарадкаваньне месцаў сталінскіх рэпрэсій, усталяваньне помніку Антону Рамашку і шыльды на будынку віцебскай турмы (СІЗА) для ўшанаваньня памяці рэпрэсаваных.

Сябры ініцыятывы «Хайсы» думаюць таксама распрацаваць маршруты, каб вадзіць па іх экскурсіі да месцаў масавых расстрэлаў у Паляях, Хайсах і Цёплым лесе. Плянуюць наладзіць супрацу з інстытутамі нацыянальнай памяці Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы ды Ўкраіны. Неўзабаве будзе накіраваны зварот да кіраўніцтва мясцовага сельскагаспадарчага прадпремства, каб яно не ўзорвала поле каля самага мэмарыялу пад Хайсамі.

https://vitebskspring.org

Leave A Reply

Your email address will not be published.