Віталь Каратыш: «Трэба навучыцца засцерагацца ад непатрэбнай інфармацыі»

Цяпер інфармацыйная прастора поўная навінамі пра каранавірус і ўсё з ім звязанае. Нават на спецыялізаваных сайтах, напрыклад, фінансавых навінаў, ці не палова матэрыялаў так ці інакш звязаная з хваробай. Інфармацыі настолькі шмат і яна настолькі супярэчлівая, што разабрацца ў ёй няпроста.

Адпаведна, гэта не найлепшым чынам адбіваецца на псіхалагічнай устойлівасці асобнага чалавека і настроях у грамадстве ў цэлым. Як захаваць псіхалагічную ўстойлівасць пад такой інфармацыйнай навалай? Як дзейнічаюць панічныя атакі? І ці варта абмяжоўваць інфармацыю хаця б дзеля свайго спакою? Пра гэта мы паразмаўлялі з кіраўніком аддзела сацыялагічных даследаванняў кампаніі «НОВАК», дырэктарам агенцтва «Тваё заўтра», заснавальнікам і каардынатарам некамерцыйнага праекта па развіцці крытычнага мыслення і супрацьстаяння фэйкам Віталём Каратышам.

— Віталь, цяпер шмат самай рознай інфармацыі пра каранавірус, прычым, настолькі шмат, што некаторыя людзі стаміліся пра яго чуць. Як такая «інфармацыйная атака» адбіваецца на грамадстве? Наколькі гэта ўздымае панічныя настроі і ці не варта было б сцішыць гэты «інфармацыйны шум»?

— Я ўпэўнены, што такая вялікая колькасць інфармацыі пра вірус і ўсё з ім звязанае сапраўды ўздымае панічныя настроі ў грамадстве. Гэта не толькі маё персанальнае перакананне, яно пацвярджаецца практыкай і сацыялагічнымі даследаваннямі. Я цяпер працую ў сацыялагічнай лабараторыі «Новак», мы робім самыя розныя даследаванні па ўсёй Беларусі і часцяком сутыкаемся з тым, што людзі замест адказаў на простыя, падавалася б, пытанні ўсё зводзяць да каранавіруса. Напрыклад, на пытанне пра будучыню Беларусі кажуць нешта кшталту: «Якая будучыня, каранавірус на дварэ».

Гэта кажа пра тое, што пытанне іх хвалюе, гэтае пытанне для людзей — нумар адзін. Гэта адцягвае іх увагу ад усіх іншых працэсаў, што можа прывесці да дастаткова дрэнных наступстваў.

Што з гэтым рабіць? Я не надта эксперт, каб даваць нейкія рэкамендацыі і парады, аднак, на маю думку, было б добра вяртаць людзей да рэчаіснасці, казаць пра тое, што жыццё ідзе і па-за гэтай праблемай з каранавірусам. Існуюць захворванні і больш небяспечныя, існуюць сацыяльныя праблемы, якія нікуды не падзеліся, існуюць важныя палітычныя пытанні. Як бы мы за гэтым каранавірусам не прапусцілі дастаткова важныя рэчы, якія цяпер праходзяць міма і застаюцца па-за ўвагай грамадства.

Віталь Каратыш

— З іншага боку гэты «інфармацыйны шум» спрабуе сцішыць улада. Лукашэнка казаў, што трэба прыструніць блогераў, Міністэрства аховы здароўя абмяжоўвала інфармацыю пра сітуацыю з хваробай. Крылатай стала фраза аднаго з чыноўнікаў ад Мінздароўя наконт колькасці захварэлых: «Навошта вам тая статыстыка?» Ці станоўча ўплываюць на грамадскія настроі дзяржаўныя абмежаванні?

— Я думаю, улада сама не ведае, што рабіць, а таму дапускае памылкі праз сваю гіпотэзу, што абмежаванне праўдзівай інфармацыі дазволіць трымаць сітуацыю пад кантролем. Насамрэч гэта прыводзіць да адваротнага эфекту: не маючы даверу да афіцыйных крыніц інфармацыі, насельніцтва пачынае панічна шукаць нейкія іншыя. І трапляе ў добра падрыхтаваную глебу фэйкаў, гіпербалізацыі, маніпуляцый і гэтак далей. Увесь інтэрнэт кішыць рознымі «таемнымі рэцэптамі здароўя», жудаснай «статыстыкай», апакаліптычнымі настроямі.

Таму абмежаванне інфармацыі — гэта памылка праз тое, што ўлада проста не ведала, што рабіць. Утойванне інфармацыі — гэта кепска, гэта няправільна. Але як правільна дзейнічаць у інфармацыйным полі, у інфармацыйнай прасторы, дзяржава проста не ведае. Ні прэс-службы адпаведных міністэрстваў і ведамстваў, ні Адміністрацыя прэзідэнта не былі падрыхтаваныя да такой сітуацыі і пачалі рабіць тое, што рабіць умеюць, то бок хаваць інфармацыю. Але гэта і раней мела — і да сёння мае — толькі адваротны эфект.

— Але каб было лягчэй псіхалагічна, ці не варта самому чалавеку паставіць «фільтр» на каранавірусныя навіны, сказаць сабе: «Я больш такія навіны не гляджу»? Ці спрацуе гэта?

— Для псіхалагічнай устойлівасці людзям трэба развіваць крытычнае мысленне. Гэта, вядома, вельмі цяжкая праца, яна вымагае высілкаў, бо трэба навучыцца думаць самастойна, аналізаваць інфармацыю. А наш мозг — гэта такая штука, якая вельмі лянівая. Мы аўтаматычна шукаем простыя адказы на складаныя пытанні. Персанальна мая парада людзям — вучыцца мысліць крытычна і прымусіць сябе прапускаць інфармацыю праз пэўны фільтр.

Мы, дарэчы, некалькі гадоў развіваем ініцыятыву «Скептык-клаб» і неўзабаве плануем запусціць праект fake.by, дзе ўжо цяпер можна прачытаць, як аналізаваць інфармацыю. Мы спрабуем праз нейкія прыёмы і парады прывесці людзей да асэнсаванага ўспрыняцця інфармацыі. А пакуль людзі будуць хацець лёгкага цуду, яны будуць яго шукаць, знаходзіць і падманвацца. Усё ж трэба, каб людзі маглі адрозніваць падман ад праўды, але гэта не так лёгка даецца.

Між іншым, ёсць даволі цікавае назіранне. Моладзь, дзеці проста інтуітыўна даволі хутка адрозніваюць фэйкі ад праўдзівай інфармацыі. Я нават не магу сказаць, у чым тут прычына, але гэта сапраўды ёсць. Фэйкавую інфармацыю, на якую лёгка клююць людзі сталага веку, моладзь проста адсякае, добра адрозніваючы дэзінфармацыю ад сапраўднай інфармацыі. Яны маюць нейкі большы імунітэт да фэйкаў. Мажліва, таму, што моладзь вырасла ў лічбавым свеце, а ў сталага пакалення захаваўся давер да ўсяго, што напісана ці паказана па тэлебачанні. Мая маці, памятаю, плакала над серыялам «Рабыня Ізаўра», бо лічыла, што ўсё, як там паказана, так і было на самай справе.

— З іншага боку, пад уздзеяннем такой «інфармацыйнай навалы» людзі рабілі надзвычай ірацыянальныя рэчы — скуплялі туалетную паперу, грэчку, потым гэта перакінулася на медычныя маскі — хаця ўсе дактары казалі: маскі патрэбныя толькі хворым…

— Чалавек так створаны, што пры наступленні нейкай крызіснай сітуацыі павінен нешта рабіць. Гармоны ў нашым арганізме патрабуюць ад нас дзеянняў. Галоўнае — пачынаць нешта рабіць, а гэтае «нешта» можа выліцца і ў бессэнсоўныя рэчы. Любыя сістэмныя дзеянні супакойваюць наш мозг, і арганізм супакойваецца, бо адчувае, што ён нешта робіць дзеля бяспекі.

Гэта можна назіраць і ў іншых стрэсавых сітуацыях, калі, напрыклад, людзі панічна ўцякаюць ад агню, робячы не зусім лагічныя рухі. Таму што проста ўключаецца іншы рэжым дзеяння нашага мозгу і нашага арганізма — рэжым адказу дзеяннем на нейкі стрэсавы чыннік.

Гэты рэжым рэагавання развіты асабліва ў нашым грамадстве, калі мы маем ці не генетычную памяць пра выпрабаванні «ліхіх 90-х», калі складана было дастаць нават прадукты, калі мы ведаем, што такое «дэфіцыт». І людзі проста кідаюцца любымі сіламі знайсці і набыць тое, што можа аказацца ў дэфіцыце — ці то маскі, ці то грэчка, ці то туалетная папера.

Гэта натуральная рэакцыя арганізма, і праз адсутнасць крытычнага мыслення і падрыхтаванасці да такіх сітуацый людзі пачынаюць рабіць хоць нешта — абы рабіць.

— Ці спрацуе на псіхалагічную ўстойлівасць прынцып «менш ведаеш — лепей спіш»?

— Гэты прынцып, мне падаецца, не працуе, а робіць шкоду. Нам трэба, каб у нас была інфармацыя, але інфармацыя праўдзівая. Складанасць у тым, што калі раней чалавек шукаў інфармацыю і здабываў яе, то цяпер інфармацыя сама шукае чалавека. Інфармацыя рознага кшталту атакуе чалавека з усіх бакоў, і таму трэба навучыцца засцерагацца ад непатрэбнай інфармацыі.

Трэба проста навучыцца фільтраваць інфармацыю і займець імунітэт да фэйкаў. Але імунітэт да фэйкавых навінаў вымагае высілкаў розуму.

Аліна Бялова, budzma.by

Comments are closed.