Відэаблогер Ціханоўскі перанёс пратэсты з анлайна на вуліцы. І аказалася, што «краіна для жыцця» закіпае
Апошнія разы людзі стыхійна выходзілі на вуліцы ў 2017-м, каб пратэставаць супраць дэкрэта аб дармаедах.
У выніку дэкрэт замарозілі, а Дзень Волі ў Мінску разагналі.
Цяпер пакрысе беларускія рэгіёны зноў сталі закіпаць.
Напружанасць нарастае ў сувязі з каранавірусам. А каталізатарам новых пратэстаў стала дзейнасць гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага, які прыдумаў youtube-канал «Страна для жизни», цяпер там 142 тысячы падпісантаў.
Сяргей Ціханоўскі.
Калі раней тэзісы аб нелегітымнасці ўлады, жабрацкіх пенсіях і занядбанай правінцыі агучвалі пераважна «статусныя» апазіцыянеры, то ў фармаце адкрытага мікрафона Ціханоўскага цяпер тое ж самае прамаўляюць беларускія рабочыя і пенсіянеры, толькі ўжо ў неінтэлігентнай форме.
Ціханоўскі ездзіць па краіне, асвятляе незаўважныя праблемы маленькіх людзей і гэтым стварае свой палітычны капітал, павялічваючы маштаб заклікамі сабрацца разам пры наступным прыедзе ў нейкі горад.
Удзельнікаў не надта шмат, звычайна да яго прыходзяць некалькі дзясяткаў чалавек. У малых гарадах — яшчэ менш.
Скрыншот з відэа.
І гэтыя сустрэчы цалкам можна назваць палітычнымі, хоць там і няма, напрыклад, звыклай апазіцыйный атрыбутыкі, кшталту забароненага нацыянальнага сцяга — аўдыторыю Ціханоўскага перадусім хвалююць эканамічныя і сацыяльныя правалы ўладаў.
На гэтых сустрэчах не крычаць патрыятычнае «Жыве Беларусь!» Тут папулярны іншы лозунг, поўны роспачы і нянавісці, «Спыніць таракана» — алюзія на вядомую казку Чукоўскага «Тараканішча».
Ціханоўскі робіць па два дзясяткі відэа ў месяц, іх прагляды на YouTube, як і колькасць каментаў, салідныя і па колькасці праглядаў і па колькасці каментаў, яны знаходзяць водгук у аўдыторыі. Так, маналог жыхаркі Глыбокага паглядзела 700 тысяч чалавек. Гэта рэкорднае па колькасці праглядаў відэа.
Відэа з сустрэч у гарадах глядзяць ад дзясяткаў да соцень тысяч чалавек.
«Мы вярнуліся ў 90-я, лепш не становіцца: у краме бабулька бярэ дзве сасісачкі, а такая ж еўрапейская бабуля едзе глядзець свет!» — казалі Ціханоўскаму ў Гродне.
«За 26 год ні разу не прызнаў сваіх памылак, усе навокал вінаваты. А чыноўнікі — вы што, ідыёты, што ківаеце галавой на ўсё што ён кажа? Ён кажа чыноўніцы, што трактар вылечыць, яна ківае — слухай, што ты ківаеш, ты дзяцей сваіх так лячыць будзеш?» — казалі ў Наваполацку.
У Віцебску заклікалі ісці назіральнікамі на выбары і ў выбарчыя камісіі, праводзіць грамадзянскія затрыманні фальсіфікатараў.
«У мяне заробак 370 рублёў, заробкі жабрацкія, як пабудаваць кватэру? Нас у мамы 9 чалавек, усім не дапамогуць бацькі. Сябра сядзіць на каранціне ў Іспаніі, сям’я тут — не ад добрага жыцця ён туды паехаў? Я сама свайго мужа ледзь бачу», — казалі яшчэ дзесьці.
«Рабяты, нізкі вам паклон, калі вы зможаце нешта зрабіць для гэта краіны, то калі ласка… гэта кашмар нейкі! Як тут дзецям жыць?», — плачучы, жалілася магілёўская пенсіянерка.
Падчас чарговай сустрэчы падпісантаў ютуб-канала «Краіна для жыцця», 5 мая ў Магілёве, здарыўся адметны канфлікт.
Сяргей Ціханоўскі прадбачыў спробу затрымання і, калі машына блогера прыехала на месца сустрэчы, з яе выйшаў падобны камплекцыяй чалавек у медыцынскай масцы, які аказаўся не Ціханоўскім.
Міліцыя паспрабавала затрымаць і яго, але сутыкнулася з адпорам падпісантаў канала.
«Вы тут нікога не забераце, таварыш маёр, едзьце дадому», — сказаў афіцэру мужчына пралетарскага выгляду, які стаяў у жывым шчыце вакол копіі блогера.
У выніку невялікай штурханіны і моўных пікіровак міліцыя адступіла, яе правялі крыкамі «Ганьба» і апладысментамі.
Гэтыя прыхільнікі Ціханоўскага толькі адкрываюць для сябе тое, з чым ужо да таго сутыкнулася палітызаваная сталічная публіка — сілавы ціск міліцыі.
Ціханоўскага ўсё ж затрымалі з дапамогай АМАПа на наступны дзень, пасадзіўшы пад варту ці то ў Магілёве, ці то ў Гомелі.
Але адметна, што пасля закліка ў інтэрнэце некалькі дзясяткаў падпісантаў «Краіны для жыцця» сабраліся ля ізалятара, каб пад дажджом патрабаваць вызвалення Ціханоўскага.
У прэс-службе МУС «Нашай Ніве» сказалі, што пакуль не ведаюць прычыны яго затрымання.
Выйшлі ў падтрымку Ціханоўскага і ў Мінску, дзе ён меўся весці стрым — і на Нямізе, і, на машынах, на МКАД.
Стрым з Нямігі сілавыя структуры заглушылі за 15 хвілін, ён паспеў сабраць паўтары тысячы лайкаў.
Вялікім пытаннем было і застаецца, на якія сродкі дзейнічае блогер. Яго падазравалі ў супрацы ці то з расійскімі, ці то з заходнімі фондамі, нехта ўказваў на неназваных беларускіх бізнесменаў.
Чытайце таксама: Раней фоткаўся з Сабчак, цяпер — з Севярынцам. Хто такі палітычны блогер Сяргей Ціханоўскі?
Але сёння факты такія: ад манетызацыі Youtube-канала з такімі лічбамі праглядаў Ціханоўскі атрымлівае каля $700 штомесяц, яму таксама актыўна пераводзяць ахвяраванні ў адказ на заклік падтрымаць дзейнасць.
Колькасць пераводаў, натуральна, невядомая, але некаторыя з іх адбываліся на краўдфандынгавых пляцоўках — там лёгка збіралася ў разы болей, чым прасілася.
Відэа Ціханоўскага паказваюць, што ў многіх беларускіх гарадах і асяродках сітуацыя дасягнула пункту кіпення. Улады Беларусі спрабуюць адказаць на гэта тымі ж метадамі, якімі дзейнічалі апошнія гады — кропкавымі рэпрэсіямі.
https://nn.by/?c=ar&i=251256