Каля Віцебску ахвяраў рэпрэсіяў мясцовыя ўлады выдаюць за ахвяраў вайны ( VIDEO)

0

Улады фальсіфікуюць смерць

Аднак гісторыкі ды мясцовыя актывісты лічаць, што гэта чарговая спроба ўладаў знішчыць сляды злачынстваў сталінскага рэжыму.

«Дазволу няма прызнаваць, што сталінскія рэпрэсіі былі, але ж вось парэшткі гэтыя знойдзены і што з імі рабіць — гэта ўжо вырашае мясцовая ўлада. Яны вырашылі вось такім шляхам фальсіфікацыі пахаваць іх, як ахвяраў другой сусветнай вайны», — зазначыў Кастусь Смолікаў, партыя БНФ.

Мясцовыя памятаюць пра рэпрэсіі

Парэшткі імаверных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў былі знойдзеныя ў вёсцы Хайсы яшчэ два гады таму. У большасці знойдзеных чэрапаў — адтуліны ў патыліцы. Менавіта гэтак забівалі працаўнікі НКУС у 30-я. Пацвярджаюць версію пра ахвяраў сталінізму і мясцовыя старажылы.

«Тата мне распавядаў, што там расстрэльвалі людзей»,

«Кажуць, што вазілі і расстрэльвалі ў лес гэты»,

«Тут людзей расстрэльвалі і хуценька закапаюць і чым-небудзь засеюць. І каб ня крыкнулі. А страляюць так ціхенька толькі пук-пук»,

— распавялі тутэйшыя жыхары.

Аднак для ўладаў гэта не аргумент. Маўляў, людзі, якім у той час было пяць — шэсць гадоў, сведкамі тых падзеяў быць не могуць.

Улады не каментуюць, але запрашаюць у госці

Але чаму гісторыя знойдзеных парэшткаў не расследаваная належным чынам? Пра гэта мы запыталіся ў намесніцы старшыні ў сацыяльных пытанняхКарабач Ксеніі Мікалаеўны. Чыноўніца асабіста прысутнічала на цырымоніі перапахавання. Спадарыня Карабач па тэлефоне даваць якую-небудзь інфармацыю адмовілася, але запрасіла журналістаў асабіста прыехаць у Мазолаўскі сельсавет.

Раней сябры Партыі БНФ звярталіся ў абласную пракуратуру і следчы камітэт Віцебску з просьбай правесці праверку паводле факту выяўленага імі масавага пахавання людзей са слядамі гвалтоўнай смерці. Звярталіся і ў Віцебскі райвыканкам.

«Мы пісалі ад імя партыі БНФ у Віцебскі аблвыканкам просьбу, уключыць прадстаўніка нашай партыі ў камісію раённую па ахвярам вайны, яны нам сказалі, што гэта не мэтазгодна, ні чым не патлумачыўшы. Нібыта мы нейкім чынам будзем замінаць там іх працу», — патлумачыў Кастусь Смолікаў.

Рэгіянальная газета хлусіць?

Не абышлося і без прапаганды з боку рэгіянальных медыяў. Гэтак, у газеце «Жыццё Прыдзвіння» перапахаванне парэшткаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў таксама прэзентавалі як ваеннае пахаванне мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны. У адказ на гэта актывісты БНФ маюць намер пісаць у рэдакцыю з патрабаваннем падаць доказы гэткай заявы і далей дамагацца расследавання расстраляных у Хайсах.

«Кацярына Ерусалімская», «Белсат»

Leave A Reply

Your email address will not be published.