Могілкі хатніх жывёл утварыліся на ўскраіне Віцебску
Незвычайныя клады раскінуліся на адным з узьлескаў паблізу водазабору. Большасьць гаспадароў братоў нашых меншых ставяцца да пытаньня пахаваньня з усёй адказнасьцю: на маленькіх магілках пастаўленыя агароджы, шыльды з імёнамі і гадамі жыцьця, побач ляжаць улюбёныя цацкі зьвяркоў і штучныя кветкі. Сустракаюцца нават мініятурныя гранітныя помнікі і крыжы. Таксама прыкметна, што некаторыя магілкі працягваюць даглядаць, хаця з моманту сьмерці мінула ўжо шмат гадоў. Пра ступень любасьці да чацьвераногіх і гаркоты ад iх страты сьведчаць эпітафіі кшталту «Памятаем. Любім. Смуткуем».
Мяркуючы па колькасьці памерлых і пазначаных датах, могілкі пачалі фармавацца зь сярэдзіны
Дарэчы, клады каля станцыі «Лучоса» — не адзінае месца ў горадзе, дзе нелегальна хаваюць жывёл. Такую самую карціну можна назіраць паблізу комплексу культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі. Мяркую, ёсьць і яшчэ шэраг больш дробных пахаваньняў. А колькі катоў і хамячкоў закапана ў кустох каля шматпавярховікаў! Дык чаму ж людзям дагэтуль ніхто не прапануе цывілізавана хаваць гадаванцаў або крэмаваць?
Пакуль у Віцебску пасьля сьмерці ваш улюбёнец афіцыйна можа адправіцца толькі ў біятэрмічную яміну, якая месьціцца ў вёсцы Раніна Віцебскага раёну, паведамілі на гарадзкой вэтэрынарнай станцыі. Аднак клапатліваму гаспадару, натуральна, наўрад ці захочацца скарыстацца з такога варыянту.
А крэматорый ёсьць толькі ў Менску. Мабыць, гэтая паслуга коштам звыш 100 руб. не карыстаецца попытам, калі не знайшлося ахвотных адкрыць бізнэс па спальваньні трупаў у абласным цэнтры.
Атрымліваецца палка з двума канцамі. З аднаго боку, сабакары і каталюбы ня хочуць, каб парэшткі іх гадаванцаў камунальнікі ператваралі ў кампост, з другога — плаціць спэцыялізаваным арганізацыям яны таксама адмаўляюцца.
Эдуард Каралевіч, vitvesti.by