Як не набыць таксічныя тавары і шкодную ежу

0

Сваім праектам «Экагід спажыўца» Алёна Бандарчук, выпускніца бясплатнага моладзевага адукацыйнага праекта «Экастарт», які штогод ладзіць Цэнтр экалагічных рашэнняў, спрасціла жыццё многім.

Цяпер не трэба па паўгадзіны стаяць каля паліцы з таварамі і гугліць, якія Е-дадаткі шкодзяць здароўю, якія штучныя таксічныя рэчывы ўтрымліваюць касметыка і бытавая хімія, ці перапрацоўваецца тая ўпакоўка, якую скарыстаў вытворца.

Для Алёны Бандарчук экалагічны лад жыцця — гэта не проста прыгожая фраза. Яна вырасла ў сям’і, дзе сартавалі смецце, эканомілі ваду, заўжды вырошчвалі расліны

«Экастарт» дапамог знайсці яшчэ больш аргументаў у падтрымку сваіх паводзінаў.

— У мяне шмат ідэй, якія б я хацела спраўдзіць, вось пачала з гэтай, — расказвае Алёна. — Мне вельмі дапамагалі іншыя «экастартаўцы», з імі разам вырашалі, якую інфармацыю змясціць на невялікай шпаргалцы — трэба ж было выбраць самае важнае — тое, што заўжды павінна быць пад рукой у звычайнага спажыўца!

Сваім праектам Алёна даказала: каб зрабіць нешта насамрэч патрэбнае, неабавязкова марнаваць шмат часу і мець неабмежаваныя сродкі.

— Пакуль я рабіла «Экагід спажыўца», мае сябры ўвесь час пыталіся, калі ён будзе гатовы. Шмат хто з іх жыве далёка, і тут я зразумела: у іх не будзе магчымасці атрымаць памятку! І што рабіць? Так нарадзілася ідэя стварыць мабільную версію і версію для самастойнага друку: іх можна спампаваць, раздрукаваць і карыстацца!

Падчас і пасля вучобы ў «Экастарце» Алёне давялося шмат слухаць пра экалагічныя праблемы.

— Мяне «распірала» ад ведаў і жадання імі падзяліцца. І дакладна ведаю, што некаторыя з маіх знаёмых пад маім уплывам змянілі свае звычкі, зрабіўшы свой побыт больш «зялёным», — распавядае Алёна.

Пры гэтым яна лічыць, што навязваць свой пункт гледжання — няправільная стратэгія.

— Я распавядаю людзям пра свой досвед, дзялюся сваімі адкрыццямі. Часам ў краме магу нават пасварыцца з-за пакетаў — не жадаю браць пластыкавае смецце, заўсёды хаджу з торбай. Я нікому моцна не навязваю свайго пункту гледжання, бо лічу, што агрэсія — дрэнны сродак і «гвалтаваць» мозг таксама неэкалагічна.

Стваральніца «Экагіда» лічыць, што змяняць свет трэба, пачынаючы з сябе. Варта разумець, дадае яна, што калі хтосьці, напрыклад, не сартуе смецце, ён робіць горш сабе.

— Беларусы — не самая прапашчая нацыя. Калі я першы раз патрапіла ў Егіпет, я была ў шоку: людзі кідаюць смецце наўпрост сабе пад ногі і лічаць, што бруднае асяроддзе — праблема дзяржавы, — узгадвае свае вандроўкі Алёна. — І быў выпадак, калі я літаральна плакала: дзеці па шчыкалатку ў смецці гуляюць у футбол на вуліцы! Гэта было так дзіўна і непрыемна, а мясцовым усё адно — няма клопату да гэтага. Мы ўсе жывём на адной планеце, іншай ў нас няма. І калі нехта выкіне пластыкавую бутэльку ў «сваю» рэчку, не факт, што яна не даплыве да нас.

Спыняцца на адным інфармацыйным праекце Алёна не збіраецца, у марах — зрабіць мабільны дадатак.

— Я і сама стала больш свядомая, мне зараз прасцей выбіраць тавары і ежу ў крамах. Праўда, колькасць харчовых прадуктаў, якія я купляю, вельмі скарацілася. Часам галадаю, бо не магу есці «хімію», — жартуе яна. — Затое адмова ад прамысловай касметыкі пасля экастартаўскай лецыі ароматэрапеўта Наталлі Дзячкоўскай дапамагла пазбавіцца ад пастаяннай алергіі і іншых праблем са скурай.

Менш Алёна купляе і тавараў, бо больш дасканала і адказна цяпер ставіцца да рэчаў. А гэта скарачае колькасць адыходаў на планеце, разам з тым — памяншае нашыя патрэбы ў рэсурсах.

— У мяне цяпер больш аднадумцаў і больш «зялёных» сяброў, з якімі я «на адной хвалі». Яшчэ плюс: раней і хочаш нешта зрабіць, але не ведаеш, з чаго пачаць, за што хапацца. Пасля вучобы ў моладзевым экагуртку стала прасцей: ёсць ідэя — бяры і рабі, табе заўжды дапамогуць! — гаворыць Алёна.

Дарэчы, бясплатны асобнік шпаргалкі-экагіду можна замовіць па тэлефоне +375 17 237 40 70.

http://zautra.by

Leave A Reply

Your email address will not be published.