Шэсць з паловай гадоў турмы за наўмысны падпал дома ў Варонах
Мужчына разбіў шыбу і пранік у дом. Адтуль разам са змоўшчыкам выцягнулі пральную машыну, мікрахвалевую печ, некаторую мэблю, кухонныя прыналежнасці, якія аднеслі ў лес і схавалі. Пераканаўшыся, што іх не заўважылі, зламыснікі вярнуліся за тым, што не паспелі вынесці. Пабаяўшыся, што яны маглі на нейкіх паверхнях выпадкова пакінуць свае адбіткі, рэцыдывіст сабраў у пакоі паперу і падпаліў. Языкі полымя хутка распаўсюдзіліся па ўсім доме, які ў выніку згарэў дашчэнту.
На наступны дзень мужчыны прадалі знаёмаму скрадзеную бытавую і кухонную тэхніку, а атрыманыя грошы падзялілі паміж сабой. Аднак доўга радавацца не давялося — іх затрымалі праваахоўнікі.
Улічваючы, што мужчына раней здзяйсняў аналагічнае злачынства, за якое адбываў пакаранне за калючым дротам, у яго дзеяннях суд прызнаў наяўнасць рэцыдыву, падкрэсліў пракурор Віцебскага раёна Вячаслаў Скрыцкі. Пагоршыла сітуацыю і тое, што ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і схаваў іншае злачынства. Таму зламыснік асуджаны да 6,5 года турмы і павінен пакрыць маёмасны ўрон пацярпелай у памеры больш за 15 800 рублёў. Яго саўдзельніка прысудзілі да выпраўленчых працаў на 2 гады.
А.Адамаў