Маленькая дзяўчынка атрымала траўмы ад наезду машыны «хуткай дапамогі»

0

Здарэнне адбылося 14 студзеня каля 21:30 на Цэнтральнай вуліцы ў аграгарадку Кіраўскі.

Следчымі ўстаноўлена, што дзяўчынка выпала з надзіманых санак пры перавозцы. У выніку наезду машынай «хуткай» яна атрымала траўмы і была шпіталізаваная ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу.

Па факце гэтага ДТЗ праводзіцца праверка Віцебскім раённым аддзелам Следчага камітэта, паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.

Падрабязнасці здарэння паведамляе kp.by

— Каля 21:30 дзяўчынка гуляла разам са сваёй мамай і цёткай. Цётка везла на трохкутных надзіманых санках яе і сваё дзіця. У нейкі момант жанчына паскорыла рух, каб пракаціць дзяцей хутчэй, і не заўважыла, як пляменніца выпала з санак. Следам ехала машына «Хуткай дапамогі», — распавяла афіцыйны прадстаўнік УСК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава.

Дзяўчынка была апранута ў белую куртку, і кіроўца «Хуткай» заўважыў дзіця не адразу, а калі ўбачыў, затармазіць ўжо не паспеў, але паспеў здзейсніць манеўр, каб прапусціць ляжачае дзіця паміж коламі машыны, распавяла Святлана Сахарава. Дзяўчынка шпіталізавана з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і ударам галаўнога мозгу.

А.Адамаў

 

Leave A Reply

Your email address will not be published.