На пікеце ў Віцебску зноў правакацыя: зламалі дрэўка сьцяга, ледзь не дайшло да бойкі

0

Мужчына, які зламаў дрэўка, пасьля прыезду міліцыі

Да мужчыны, які пашкодзіў дрэўка сьцяга, падскочыў яшчэ адзін грамадзянін і ўдарыў яго па твары. Пасьля гэтага нясьпешна сышоў з месца здарэньня.

 

Удзельнікі пікету, якія сталі сьведкамі інцыдэнту, упэўненыя, што абодва мужчыны былі правакатарамі. Расказваюць, што яшчэ некалькі грамадзян, вядомых сваімі правакацыйнымі дзеяньнямі на Маршы дармаедаў у 2017 годзе, падахвочвалі нападніка працягнуць бойку.

Адразу пасьля здарэньня пікетоўцы выклікалі міліцыю.

Сьцяг са зламаным дрэўкам на пікеце

Мужчына дае тлумачэньні міліцыянту

Мужчына, які зламаў дрэўка быў перакананы, відаць, у сваёй беспакаранасьці і нікуды не сыходзіў. Свой учынак патлумачыў тым, што ён гарачы прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі, а ўдзельнікі пікету зьневажалі ягоныя пачуцьці. Недзе праз 25 хвілінаў на месца здарэньня для складаньня пратаколу прыбыў прадстаўнік мясцовага РАУС.

Статкевіч: Улады баяцца нас чапаць — і выкарыстоўваюць бамжоў

Старшыня БСДП «Народная Грамада» Мікола Статкевіч пабачыў у здарэньні загадзя сплянаваную правакацыю.

«Тое, што зараз адбываецца, ёсьць сьведчаньнем пэўнай дэмаралізацыі ўладаў. Яны баяцца нас кранаць. Таму кідаюць у бой апошнія рэзэрвы. Зьбіраюць вэтэранаў сілавых структур, якія затым ідуць скандаліць на пікеты. Але мы паважаем іх узрост: слухаем, размаўляем, а некаторых пасьля нават запісваем у сваю каманду на прэзыдэнцкія выбары. У Віцебску выкарысталі нейкіх „бамжоў“. Раней ужо фіксаваліся выпадкі, калі потым гэтым дэклясаваным элемэнтам плацілі за іхнюю працу грошы. „Бамжоў“ мы здаём міліцыі», — сказаў Статкевіч.

Мікола Статкевіч на пікеце ў Віцебску

«Яны чакалі, што мы будзем дзейнічаць па іх сцэнары і станем клоўнамі ў іхнім выбарчым цырку. Мы ж ламаем гэты сцэнар і выкарыстоўваем гэтую кампанію, каб прасунуць сваю павестку. Працуем на тое, каб зрабіць беларусаў больш вольнымі і больш сьмелымі, фармуем сваю каманду», — дадаў лідэр «Народнай Грамады».

https://vitebskspring.org

Leave A Reply

Your email address will not be published.